З сакавіка ў Польшчы распачнецца навучанне па новай міждысцыплінарнай спецыялізацыі на першую ступень вышэйшай адукацыі (бакалаўрыят) — «Ахова насельніцтва і грамадзянская абарона». Праграма навучання распрацаваная сумесна трыма ВНУ: Акадэміяй паліцыі ў Шчытне (Akademia Policyjna w Szczytnie), Акадэміяй пажарнай службы ў Варшаве (Akademia Pożarnicza w Warszawie) і Акадэміяй ваеннага мастацтва ў Варшаве (Akademia Sztuki Wojennej w Warszawie).
Навучанне накіраванае на падрыхтоўку спецыялістаў да працы ў крызісных сітуацыях і ва ўмовах вайны. Студэнты атрымаюць веды ў галіне нацыянальнай бяспекі, кіравання крызісамі, узаемадзеяння экстраных службаў і грамадзянскай абароны насельніцтва. Першыя два семестры пройдуць у Шчытне, наступны год — у супрацоўніцтве з пажарнымі службамі, а трэці этап — у Акадэміі ваеннага мастацтва, дзе будуць вывучацца дзеянні ў перыяд узброенага канфлікту.
Спецыяльнасць адкрыты як для выпускнікоў сярэдніх школ, так і для працуючых спецыялістаў. Прадугледжаныя дзённая і завочная формы навучання. На першы курс дзённага аддзялення выдзелена 25 месцаў.
pap/эж